Asset Publisher

Артыкулы да мерапрыемства

Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты

Зборнік матэрыялаў канферэнцыі

Напярэдадні чарговай канферэнцыі ва Ўніверсітэце Лазарскага з друку выйшаў зборнік матэрыялаў канферэнцыі па беларускай праблематыцы, якая адбылася ў Інстытуце Грамадзянскай прасторы і публічнай палітыкі гэтага ўніверсітэту 9–11 снежня 2011 г. і ўдзел у якой узялі даследчыкі з Беларусі і іншых краін.

Asset Publisher

Назва канферэнцыі “Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты” адлюстроўвае міждысцыплінарны характар мерапрыемства, арганізатары якога імкнуліся стварыць магчымасці для абмеркавання як гістарычнага мінулага Беларусі, так і яе сучаснай палітычнай рэчаіснасці. Унікальнасць дадзенай канферэнцыі ў тым, што яна стала своеасаблівай незалежнай рэгіянальнай пляцоўкай камунікацыі паміж гісторыкамі, палітолагамі, эканамістамі, сацыёлагамі і грамадзянскімі актывістамі – усімі тымі, каму неабыякавы лёс краіны і хто жадае выкарыстоўваць свае веды для лепшага яе разумення.

Сімвалічна, што правядзенне канферэнцыі амаль супала з датай дваццацігоддзя распаду Савецкага Саюзу. Дваццаць гадоў, што мінулі з моманту ўсталявання незалежнасці Беларусі, нягледзячы на палітычны рэгрэс і кансалідацыю недэмакратычнага рэжыму, не сталі дарэмна страчанымі гадамі для развіцця беларускай аналітыкі, для даследчыкаў і грамадзянскай супольнасці. Менавіта ў гэтыя гады адбываліся і адбываюцца працэсы фармавання самастойных навуковых школ, усталявання нацыянальных даследчых традыцыяў і падыходаў, развіццё разнастайных грамадскіх ініцыятываў у сферах культуры, адукацыі, моладзевых ініцыятываў і г.д. Узнікаюць сацыяльна-гуманітарныя навукі, існаванне якіх у якасці акадэмічных дысцыплінаў і самастойных даследчых палёў было амаль немагчыма падчас Савецкага Саюзу, таксама як немагчыма было неангажаванае, неідэалагізаванае даследаванне грамадства. Сучасная беларуская гістарычная, сацыяльная, эканамічная, палітычная навукі ахопліваюць усё новыя тэмы, даследаванне якіх раней было немагчыма нават уявіць. Калі паглядзець у шырэйшай перспектыве, Беларусь пакрысе перастае быць НДА – “недаследаваным дзяржаўным аб’ектам”, бо кола яе даследчыкаў, экспертаў і аналітыкаў пашыраецца, а колькасць якасных тэкстаў з аналізам разнастайнай праблематыкі расце. Нягледзячы на неспрыянне (а часам і перашкоды) з боку дзяржавы, прынамсі частка даследчыкаў і навукоўцаў з Беларусі патрафляе працаваць і камунікаваць, карыстаючыся сучаснымі навуковымі катэгорыямі, рабіць сумесныя праекты, арганізоўваць і браць удзел у міжнародных канферэнцыях па ўсім свеце.

У межах канферэнцыі “Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты” яе ўдзельнікі разважалі пра тое, чым жа ёсць сучасная Беларусь. Постсавецкай посткаланіяльнай дзяржавай, якая варочаецца ў арбіце Расеі, пачынаецца за Бугам і працягваецца далей на ўсход? Краінай, існаванне якой абумоўлена залежным станам паміж Расіяй і Еўразвязам? Альбо гэта нейкі новы нацыянальны праект, фармаванне якога адбываецца зараз? Як пісаў Аляксандр Цвікевіч, “адраджэнне Беларусі можна разумець як эвалюцыйны, культурны працэс, які ў дацяперашні час быў гвалтоўнымі захадамі паліцэйскай дзяржавы прыдушаны і які цяпер, у варунках вольнай дэмакратычнай дзяржаўнасці, павінен развівацца нармальна і ўрэшце прывесці да самастойнай беларускай культуры. Працэс гэты па істоце сваёй спакойны і знаходзіцца ў залежнасці ад узросту інтэлектуальных сілаў краю, які нельга стварыць адпаведным распараджэннем дзяржаўнае ўлады”/*/.

На Беларусі ўсё яшчэ ідзе арганічная праца нацыя- і дзяржбудавання. Самастойная беларуская культура існуе, нягледзячы на існы эфект маразільніка, што чыніцца рэжымам. Далейшае развіццё альтэрнатыўнага наратыву і ягонае пашырэнне – выклік па-ранейшаму актуальны для даследчыкаў, грамадзянскіх актывістаў і ўсіх тых, каго хвалюе будучыня краіны.

Мэтай канферэнцыі “Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты” быў разгляд пытанняў узаемадачыненняў Беларусі з суседзямі, уключаючы палітычныя і эканамічныя сувязі, культурныя стасункі, гістарычныя стэрэатыпы, а таксама ўзаемадзеянне паміж нацыянальнымі грамадамі, рэлігійнымі плынямі, культурай і няўрадавымі грамадскімі арганізацыямі, якія складаюць беларускую грамадзянскую супольнасць. У дадзеным зборніку прадстаўлены тэксты выступаў з наступных канферэнцыйных секцыяў: дзвюх гістарычных – “Як беларусы ўспрымаюць сваіх суседзяў: культурныя і гістарычныя стэрэатыпы” і “Разам альбо паасобку? Розныя падыходы да нацыянальнага будаўніцтва на тэрыторыі першай Рэчы Паспалітай у XX стагоддзі”; эканамічнай секцыі – “Беларуская эканоміка ў рэгіянальным кантэксце: «зборачны цэх» альбо «Еўрапейская Паўночная Карэя»”; секцыі па пытаннях рэгіяналістыкі – “Беларусь і суседзі: што не так?”, а таксама спецыяльнай секцыі, прысвечанай памяці вядомага беларускага даследчыка, дырэктара Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Віталя Сіліцкага, пад назвай “Беларусь: ці ёсць шансы на еўрапеізацыю?”. Яшчэ адна секцыя “Беларусь як няўдольная дзяржава? Асаблівасці публічнай палітыкі і роля грамадзянскай супольнасці з рэгіянальнай перспектывы” разглядала новую для беларускай акадэмічнай супольнасці тэматыку публічнай палітыкі.

Аўтары: Алесь Лагвінец, Таццяна Чуліцкая (рэдактары зборніка)

Крыніца: Уводзіны ў зборнік

Нумар ISBN: 978-83-60694-49-7

Зборнік выдадзены на беларускай і ангельскай мовах

ЗМЕСТ

  • Уводзіны
  • Анджэй Суліма-Камінскі. Уступ. Quo Vadis, Беларусь?
  • Андрэй Янушкевіч. Перашкоды на шляху ўзаемапаразумення: уздзеянне нацыянальных, гістарычных і культурных стэрэатыпаў на дыпламатычную практыку Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы ў сярэдзіне XVI стагоддзя
  • Генадзь Сагановіч. Стаўленне насельніцтва Беларусі да расійскай арміі ў ХVІІ ст.
  • Уладзімір Лобач. Вобразы суседніх народаў у традыцыйным светапоглядзе беларусаў
  • Алег Дзярновіч. “Гуды” як гістарычны назоў беларусаў па-літоўску: “готы” ці “варвары”?
  • Аляксандр Смалянчук. Краёвасць стасоўна беларускага і літоўскага нацыянальных рухаў на пачатку ХХ ст.
  • Дарота Міхалюк. Чатыры ўрады БНР на міжнароднай арэне ў 1918–1920 г.
  • Ігар Кузняцоў. Бальшавіцкія рэпрэсіі супраць беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху ў 1920–1930 г.
  • Захар Шыбека. Скарбы былых мястэчак Беларусі: спадчына Рэчы Паспалітай
  • Фелікс Акерман. Галоўныя рысы саветызацыі ў Заходняй БССР у 1939–1991 г.
  • Сяргей Чалы. Якія эканамічныя нішы існуюць для Беларусі ў рэгіёне?
  • Сяржук Наўродскі. Польска-беларускія стасункі да і пасля крызісу
  • Аляксей Ластоўскі. Русацэнтрызм сярод праектаў беларускай ідэнтычнасці: роля і перспектывы ў сучаснай беларускай дзяржаве
  • Анаіс Марэн. Сённяшнія выклікі ў дачыненнях ЕС і Беларусі: ці можа Усходняе партнёрства паспрыяць еўрапеізацыі Беларусі?
  • Аляксей Братачкін. Апошнія тэндэнцыі дыскурсу еўрапеізацыі ў Беларусі
  • Анастасія Клімовіч. Рэгіяналізацыя стасункаў ЕС і Беларусі: першы крок да еўрапеізацыі ці магчымасць пераадолення крызісу?
  • Іна Рамашэўская. Магчымыя кірункі рэформы публічнай адміністрацыі ў Беларусі
  • Марына Сакалова. Электронны ўрад у Беларусі: пераадолець інерцыю інфарматызацыі
  • Ліна Кліменка, Сяргей Гергіна. Грамадскае ўспрыманне палітычнага рэжыму ў постсавецкай Беларусі
  • Таццяна Шукан. Моладзевая палітыка і адносіны ўлады да моладзевых арганізацыяў у сучаснай Беларусі
  • Наталля Арцёменка. Адукацыя за мяжой: уцёкі мазгоў ці інвестыцыя ў будучыню
  • Пётр Рудкоўскі. Свабода сумлення ў недэмакратычным асяроддзі
  • Пётр Кузняцоў. Роля сацыяльных сетак і іншых новых медыя ў фармаванні грамадзянскай супольнасці і нацыянальнай ідэнтыфікацыі ў Беларусі

/*/ Цьвікевіч А. Адраджэньне Беларусі і Польшча // Беларуская думка XX стагоддзя. Філасофія, рэлігія, культура. Анталогія. Укладанне, прадмова і апрацаванне Ю. Гарбінскага. Варшава, 1998. С. 61.

Падзяліцца

Asset Publisher

comment-portlet

Asset Publisher