Часопіс “Перекрестки” пра сацыяльную этыку ва Ўсходняй Еўропе - Auslandsbüro Belarus
Удзельнікі круглага стала “Сацыяльныя нормы і сацыяльная этыка ва Ўсходняй Еўропе” выказвалі адну агульную ідэю: Усходняя Еўропа ўсё яшчэ перажывае час, які вызначаецца катэгорыямі “посткамуністычны”, “постсавецкі”. У такія перыяды, якія пазначаюцца прыстаўкай “пост”, неабходна бачыць новыя нарматыўныя і этычныя пачаткі, адрозніваць мэты і каштоўнасці, якія вызначаюць рух супольнасцяў у гісторыі, нягледзячы на шлейф таталітарных практык, якія бяруць пачатак у мінулым. Пазбавіцца ад дэтэрмінацыі мінулым магчыма праз змену кантэкстаў і зварот да тых каштоўнасцяў і падставаў нашай цывілізацыі, якія не носяць часовага характару. Да такіх каштоўнасцяў, якія ствараюць чалавечае вымярэнне, народы Ўсходняй Еўропы прыйшлі ў канцы ХХ ст. Пры іх існаванні гісторыя і грамадскія адносіны могуць быць такімі, што будуць відавочнымі адрозненні асобных людзей, а таксама праблем і пытанняў, якія ўзнікаюць у кожным чалавечым жыцці.
У артыкулах, апублікаваных у часопісе, абмяркоўваюцца наступныя пытанні: якія падставы ў усходнееўрапейскага публічнага і сацыяльнага парадку? як ўплывоўвае феномен даверу на станаўленне ўсходнееўрапейскіх сацыяльных сістэм? наколькі сацыяльны капітал аказвае ўплыў на сістэму крыніц права? якое сацыяльнае асяроддзе, у якім зараджаюцца і ў якім дзейнічаюць нормы? што фармуе асаблівасці палітычнай сістэмы ў новых дзяржавах Усходняй Еўропы? Гэтыя пытанні адсылаюць аўтараў да праблемы падстаў і прынцыпаў персанальнага ўдзелу чалавека ў сацыяльных адносінах, да праблемы знаходжання правільнай мовы, якая дазваляе самым розным навукам казаць аб новым прадмеце – сістэме сацыяльных камунікацый і нормаў, на якіх грунтуецца сапраўдны сацыяльны парадак.
Гэтае выданне – спроба задаць напрамак разважанням аб працэсах нарматыўных і этычных падстаў сацыяльных трансфармацый у рэгіёне, прычынах іх няўдач і складанасцяў.
Часопіс даследаванняў усходнееўрапейскага памежжа “Перекрёстки” выдаецца Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам у рамках дзейнасці Цэнтра перадавых навуковых даследаванняў і адукацыі ў вобласці сацыяльных і гуманітарных навук (CASE).