У 2018 годзе Беларускaе прадстаўніцтва Фонду імя Конрада Адэнаўэра ініцыявала стварэнне асобнай Аўдыторыі імя Конрада Адэнаўэра ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (ЕГУ). Гэтая аўдыторыя стала сімвалам шматгадовага партнёрства, у межах якога былі рэалізаваныя канферэнцыі, воркшопы, семінары, супольныя публікацыі, а таксама праграма стыпендый Sur-Place для студэнтаў ЕГУ.
З цягам часу ўзнікла неабходнасць абнаўлення прасторы. Аўдыторыю адрамантавалі, дапоўнілі новай мэбляй, фотаздымкамі, біяграфічнымі матэрыяламі і абноўленай падборкай кніг, якія асвятляюць спадчыну Конрада Адэнаўэра. Абноўленая прастора прызначана для падтрымкі навучання, абмеркаванняў і творчага натхнення.
Паўторнае адкрыццё аб’яднала акадэмічную супольнасць універсітэта, стыпендыятаў Sur-Place і партнёраў КАС Беларусь. Цырымонію адкрыў рэктар ЕГУ Віліюс Шадаўскас, які падкрэсліў значэнне гэтай аўдыторыі для ўніверсітэта. Следам выступіла дырэктарка КАС Беларусь Габрыэле Бауман, якая распавяла пра ролю Конрада Адэнаўэра ў пабудове новай дэмакратычнай Германіі, аб’яднанай Еўропы і стабільнай трансатлантычнай сістэмы бяспекі.
Пасля гэтага журналіст і былы рэдактар часопіса «Наша гісторыя» Андрэй Дынько прадставіў разважанні пра палітычную біяграфію Адэнаўэра і ідэю «сілы пераможаных».
Лекцыя Андрэя Дынько
Тэзісы
- Вайна зноў стала непасрэднай рэальнасцю для Еўропы; няма гарантый, што яна спыніцца сама сабой або будзе лакалізаванай.
- Памылкова лічыць, што трагічны досвед ХХ стагоддзя застаўся ў мінулым: гістарычныя механізмы агрэсіі і змоваў паўтараюцца.
- Сучасная пагроза накіраваная не толькі на Усходнюю Еўропу, але і на ўсю Еўропу як прастору каштоўнасцяў і бяспекі.
- Адчуванне бяссілля становіцца адной з галоўных пагроз для грамадстваў у часы крызісу.
- Палітыка пасля дыктатуры патрабуе рэалізму, адказнасці і доўгатэрміновага мыслення.
- Біяграфія Конрада Адэнаўэра паказвае, як асабістыя выпрабаванні фармуюць палітычную вытрымку і здольнасць да лідарства.
- Дэмакратыя не ўзнікае аўтаматычна: яна патрабуе цярпення, працы і ўмення дзейнічаць у складаных, неідэальных умовах.
- Палітыка — гэта мастацтва магчымага; без рэалістычнага мыслення яна губляе эфектыўнасць.
- Аднаўленне краіны і грамадства магчымае толькі праз уключэнне шырокіх груп і пераадоленне глыбокіх падзелаў.
- Еўропа і сёння мае патрэбу ў адказным лідарстве, здольным абараняць дэмакратычныя каштоўнасці, правы і свабоды.
- Асноўны ўрок пакалення Адэнаўэра — цярпенне, праца і час як аснова ўстойлівых пераменаў.