У прадмове суарганізатары канферэнцыі Роджэр Патоцкі (Нацыянальны фонд дэмакратыі (NED)) і Ганна Грудзінска (Універсітэт Лазарскага, Інстытут грамадзянскай прасторы і публічнай палітыкі) нагадваюць пра тое, як была арганізавана праца лістападаўскай канферэнцыі 2010 г., і прадстаўляюць чытачам артыкулы, якія ўвашлі ў зборнік:
Канферэнцыя складалася з трох тыпаў актыўнасцяў: акадэмічных пленарных паседжанняў, практычных секцый і дадатковых мерапрыемстваў. Напярэдадні канферэнцыі ўдзельнікі наведалі мясціны Варшавы, звязаныя з гісторыяй Беларусі. Сам форум адкрыўся Кніжным кірмашом, дзе былі прадстаўлены публікацыі вядучых беларускіх і польскіх выдавецкіх дамоў, такіх як “Бацькаўшчына”, “Arche”, “Наша Ніва”, “Выдавецтва ЕГУ”, “Гарадзенская бібліятэка”, “Гістарычная майстэрня”, “Радыёла Плюс,” “Kamunikat” (Бяласток, Польшча) і “Borussia” (Польшча). Кірмаш працаваў цягам усёй канферэнцыі і спрыяў распаўсюду важных тэкстаў па гісторыі Беларусі.
У першы дзень канферэнцыі навукоўцы з розных краінаў абмеркавалі гістарычнае ўспрыняцце Беларусі і беларусаў такімі, якімі яны былі прадстаўленыя ў разнастайных крыніцах розных стагоддзяў, а таксама якую ролю граюць такія гістарычныя апісанні ў тым, каб сёння наблізіць Беларусь да Еўропы. Вялася дыскусія пра канкуруючыя гістарычныя наратывы, якія прывялі да з’яўлення канкуруючых нацыянальных ідэнтычнасцяў, і пра тое, ці магчыма дасягнуць кансэнсусу адносна гісторыі Беларусі, які б дапамог сфарміраваць новую ідэнтычнасць і новую палітыку, каб пераадолець падзел у сучасным беларускім грамадстве. Нягледзячы на доўгую гісторыю сувязяў Беларусі з Еўропай, менавіта савецкая версія нацыянальнай гісторыі па-ранейшаму дамінуе. На адным з паседжанняў было ўзнята пытанне, чаму еўрапейскі наратыў практычна знік і што можа быць зроблена для яго аднаўлення. Першы дзень канферэнцыі завяршыўся дыскусіяй пра тое, як па-рознаму ў падручніках і школьных праграмах прадстаўляюцца гістарычныя сувязі паміж Беларуссю, Еўропай і Расіяй і чаму вучаць грамадзян такія тэксты. У прыватнасці, на паседжанні было абмеркавана, як навучанне пра еўрапейскі складнік гісторыі Беларусі можа паспрыяць збліжэнню грамадзянаў з сучаснай Еўропай.
Даклады, прадстаўленыя на канферэнцыі, могуць быць падзелены на тры групы, якія адлюстоўваюць розныя бакі гістарычнага дыскурсу:
- пытанні гістарыяграфіі, звязаныя з рознымі перыядамі гісторыі Беларусі, праблемамі фарміравання гістарычных наратываў і нацый (г.зн. пра- і антыеўрапейскі дыскурс) і іх сацыяльным ды палітычным уплывам у розныя часы;
- аналіз нядаўніх спробаў сфарміраваць гістарычныя наратывы, з аднаго боку, афіцыйнымі інстытуцыямі (палітыка памяці), у тым ліку дзяржаўнымі органамі, універсітэтамі, выдавецтвамі і СМІ, а з другога боку, недзяржаўнымі актарамі, такімі як НДА, аналітычныя цэнтры, незалежныя навукоўцы і культурныя дзеячы;
- праблемы выкладання гісторыі і грамадзянскай адукацыі ў школах, універсітэтах і нефармальных установах.
Другая група тэкстаў уключае даклады Дэвіда Марплса, Крыстыяна Ганцэра, Алеся Смаленчука, Яна Шумскага, Алега Латышонка і Настассі Ільіной. У ёй разглядаюцца праблемы, звязаныя з канструяваннем гістарычнага наратыву і палітыкай, датычнай гістарычнай памяці. Марплс апісвае дзяржаўны кантроль над гістарычнай памяццю і як ён уплывае на фарміраванне нацыі. Ён указвае на Вялікую Айчынную вайну як вызначальны элемент гістарычнай памяці і падмурак для сучаснай калектыўнай ідэнтычнасці ў Беларусі. Яго тэкст паказвае, як савецкі наратыў паўплываў на ўспрыняцце мінулага Беларусі. На такіх прыкладах Брэсцкай крэпасці, мемарыяла “Хатынь” і “Лініі Сталіна” ў Заслаўі аўтар дэманструе, як памятныя месцы адлюстроўваюць гэтую тэндэнцыю. Гэтая ж ідэя таксама даследуецца Крыстыянам Ганцэрам, які аналізуе, як наратыў Музея абароны Брэсцкай крэпасці маніпулюе мінулым, стварае пэўныя падзеі ды герояў і дазваляе ахвярам тых трагічных падзеяў гінуць у забыцці. Падобным жа чынам Ян Шумскі разглядае працэс перапісвання гісторыі пасля 1940-х гадоў. Ён даследуе сетку інстытутаў, якія кантралявалі і накіроўвалі савецкую і рэгіянальныя гістарыяграфіі, звяртаючы асаблівую ўвагу на ролю Цэнтральнага камітэта КПСС. Ілюструючы розныя задачы гістарычнай палітыкі камуністычнай партыі, ён таксама ўздымае пытанне асабістай адказнасці. Алег Латышонак вывучае праблемы, звязаныя з ушанаваннем памяці пра гераічныя бітвы ў сучаснай Беларусі. Даследчык канцэнтруе ўвагу на Слуцкім паўстанні і Бітвай пад Оршай і прапануе сваю ўласную інтэрпрэтацыю значэння гэтых падзеяў, якая супрацьпастаўляецца папулярным агульнапрынятым трактоўкам. Іншая перспектыва прапануецца ў артыкуле Смалянчука, які абмяркоўвае ролю вобраза ворага ў стварэнні нацыянальнай ідэнтычнасці. Яго аналіз грунтуецца на тэкстах, напісаных пры канцы XIX – пачатку XX стагоддзя, у якіх ствараюцца нацыянальныя наратывы, а таксама гістарыяграфіі савецкіх часоў. Асаблівую ўвагу гісторык звяртае на мартыралог Беларусі, у якім вобраз ворага дамінуе над усімі іншымі аспектамі гісторыі, стварае “ахвярную” версію гісторыі і пакідае па-за ўвагай істотнасць асабістай адказнасці і індывідуальнага выбару. Настасся Ільіна прапануе больш шырокія разважанні пра ўзаемадзеянне паміж памяццю і забыццём, прадстаўленыя у даследваннях Рыкёра, Левінаса, Ле Гофа і Асмана.
Тэксты з апошняй групы (артыкулы Марыі Сурвілы, Тамары Мацкевіч, Тацяны Астроўскай, Захара Шыбекі і Ганны Васілевіч) прысвечаны выкладанню гісторыі і прапануюць крытычны погляд на метадалогіі, якія сёння выкарыстоўваюцца ў Беларусі. На думку Тамары Мацкевіч, навучанне гісторыі з’яўляецца неад’емнай часткай грамадзянскай адукацыі. Яна апісвае супярэчлівыя пераўтварэнні, такія як змяншчэнне колькасці гадзінаў на ўрокі гісторыі, увядзенне абавязковых курсаў па дзяржаўнай ідэалогіі і адражэнне вобразаў савецкай эпохі. Усё гэта негатыўна паўплывала на адукацыйную сістэму. Мэтай такой “рэформы” з’яўляецца выхаванне “паслухмяных асобаў”, якія б верылі ў “беларускую мадэль развіцця”, якая прапагандуецца Лукашэнкам. У сваім артыкуле Мацкевіч таксама распавядае пра рост папулярнасці нефармальнай адукацыі як рэакцыі на патэрналізм рэжыму, ксенафобію і канфармізм. Васілевіч звязвае прамовы Лукашэнкі з рознымі інтэрпрэтацыямі гісторыі, прадстаўленымі ў дзяржаўных падручніках. Астроўская аналізуе змест дзяржаўных падручнікаў па гісторыі з мэтай паказаць, як розныя палітычныя і сацыяльныя ўмовы ўплывалі і змянялі гістарычны наратыў Беларусі, у тым ліку яго мову і дыскурс. Шыбека разважае на тэму “патрыятычнай адукацыі” і наколькі такая канцэпцыя адпавядае сучаснай парадыгме грамадзянскай адукцыі. Нарэшце, Сурвіла абмяркоўвае праблему ізаляванасці беларускіх даследчыкаў і іх недастатковы ўдзел у сусветным акадэмічным дыскурсе. Такая сітуацыя абмяжоўвае ўплыў акадэмічнай супольнасці, якая звычайна служыць інтэлектуальнай сілай пераменаў. Дзеля пераадолення гэтай праблемы Сурвіла прэзентавала ініцыятыву навуковых перакладаў, якая б дапамагла адкрыць доступ да разнастайных дыскурсаў. Такая праграма прадугледжвае стварэнне базы перакладзеных на беларускую мову крыніцаў, з дапамогай якой беларускія навукоўцы маглі б знаёміцца з рознымі парадыгмамі і тэарытычнымі падыходамі, палітычнымі і рэгіянальнымі прадузятасцямі, альтэрнатыўнымі гістарыяграфіямі і эпістэмалогіямі.
У другі дзень канферэнцыі адбыліся шэраг тэматычных секцыяў, на якіх былі абмеркаваныя практычныя аспекты таго, як гісторыя Беларусі выкладаецца, якім чынам грамадзянскія кампаніі і мультымедыйныя інструменты могуць выкарыстоўвацца для паляпшэння гістарычнай адукацыі і як пабудаваць больш шчыльныя сувязі паміж беларускімі і еўрапейскімі гісторыкамі. Ідэя сабраць разам навукоўцаў і грамадскіх актывістаў спраўдзіла сябе. Даследчыкі былі здзіўленыя высокай якасцю грамадзянскіх кампаній, якія былі прэзентаваныя на канферэнцыі, а таксама цікавымі прыкладамі таго, як тэорыя можа быць адаптаваная да мультымедыйнага фармату і інавацыйных прэзентацый, якія могуць быць цікавымі не толькі адмыслоўцам, але і звычайным грамадзянам. Канферэнцыя завяршылася прэзентацыямі новых кніг Алега Латышонка, Алега Дзярновіча, Нэлі Бекус, Андрэя Лянкевіча і Аляксея Літвіна.