Asset Publisher

Артыкулы да мерапрыемства

Бунт у імя свабоды: забыты беларускі ген?

Матэрыялы канферэнцыі

З друку выйшаў зборнік матэрыялаў міжнароднай канферэнцыі «Бунт у імя свабоды: забыты ген беларусаў?», якая адбылася 8–10 сакавіка 2013 года ў Варшаве. Гэта ўжо пятая канферэнцыя такога тыпу, арганізаванае Інстутам грамадзянскай прасторы і публічнай палітыкі пры Ўніверсітэце Лазарскага.

Asset Publisher

Натхняльнікам і ідэйным патронам канферэнцыі быў прафесар Джорджтаўнскага Ўніверсітэта (ЗША) Анджэй С. Камінскі, заснавальнік Інстытута і нястомны прамоўтэр «беларускай справы». Канферэнцыя была арганізавана пад кіраўніцтвам выканаўчага дырэктара Эўлаліі Лазарскай і дзякуючы фінансавай падтрымцы Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі і Фонду Конрада Адэнаўэра.

Гэты праект дазволіў стварыць форум абмену думкамі, платформу для шырокіх дыскусій і, безумоўна, пасеяў зерне новых ідэй у беларускай інтэлектуальнай думцы. «Бунт у імя свабоды» глыбока ўкарэнены ў гісторыю Беларусі, хоць у перыяд расійскай і савецкай акупацыяў быў прыглушаны. Гэта пацвярджаюць шматлікія прыклады супраціву беларускіх гарадоў і мястэчак, славутыя паўстанні XIX ст., розныя формы пратэсту ў культуры. Дэмакратыя і грамадзянская супольнасць у выпадку Беларусі з’яўляюцца не прапановай звонку, а выцякаюць з беларускага гістарычнага досведу.

У першай частцы кнігі «Гісторыя — настаўніца жыцця ў свабодзе», размешчаны тэксты шэрагу беларускіх гісторыкаў, якія крытычна асэнсавалі важныя факты нацыянальнай гісторыі праз прызму ацэнкі поспехаў і няўдач у адстойванні “свабодніцкага ладу жыцця”. Прафесар Антон Мірановіч аналізуе феномен мірнага суіснавання розных рэлігійных і культурных традыцый ў Вялікім княстве Літоўскім. У процівагу яму прафесар Захар Шыбека звяртае ўвагу на няпростыя, часам напружаныя, адносіны паміж беларусамі і габрэямі ў царскай Расіі. Пра тое, у якой ступені жыхары беларускіх вёсак і мястэчак былі прывязаны да страчанай свабоды, распавядае Іна Соркіна, засяроджваючыся перадусім на перыядзе ранняга перыяду расійскай акупацыі (канец XVIII — пачатак ХІХ стст.). Анатоль Трафімчык паказвае спецыфіку беларускага супраціву асіміляцыйнай палітыцы ІІ Рэчы Паспалітай. Абшар савецкага панавання стаў аб’ектам даследаванняў Уладзіміра Ляхоўскага і Алега Дзярновіча. Першы разглядае асаблівасці «Слуцкага паўстання», другі — тэндэнцыі да інтэлектуальнай незалежнасці беларускіх гуманітарыяў у пасляваеннай БССР.

Аналізу розных культурных феноменаў прысвечана другая частка зборніка «Культура смяецца з палітыкі». Асаблівай увагі заслугоўвае тэкст культуролага і кінакрытыка Андрэя Расінскага. Аўтар вылучыў і ахарактарызаваў два тыпы карнавалу ў Беларусі: 1) які смяецца над аўтарытарызмам (Бахцінаўскі карнавал) і 2) «аўтарытарны» — цынічны смех гвалтаўніка, які топча чалавечыя каштоўнасці. Уладзімір Валодзін закранае тэму, якая рэдка трапляе пад увагу гісторыкаў, але якая павінна з’явіцца ў кантэксце рэфлексій над «беларускім бунтам»: хіпі ў Савецкай Беларусі. Паэтка Валярына Кустава ў вольнай манеры разважае пра сучасную беларускую літаратуру, акрэсленую станам «пост-тутэйшасці». Артыкул Пятра Рудкоўскага прысвечаны апісанню форм удзелу Касцёла ў грамадска-культурным жыцці Беларусі і абазначэнню яго праблемных пунктаў.

Абмеркаванне «бунту ў імя свабоды» не магло абмінуць пытанне значэння нацыянальнай ідэі і еўрапейскай арыентацыі. Дагэтуль у Беларусі няма кансэнсусу наконт таго, чым з’яўляюцца «нацыянальны выбар» і «еўрапейскі выбар» — узаемадапаўляльнымі ці ўзаемавыключальнымі опцыямі. Артыкулы шведа Пэра Андэрса Рудлінга, беларуса Аляксея Ластоўскага і венгра Андраша Раца закранаюць розныя аспекты гэтай дылемы. Шведскі даследчык апісвае асаблівасці стварэння беларускай нацыі. Беларускі — прэзентуе генеалогію нацыянальнай дзяржаўнасці ў гістарычнай памяці беларусаў. А венгерскі — аналізуе практычныя аспекты «еўрапеізацыі Беларусі». У іншым ключы напісаны тэкст Ірыны Кашталян, прысвечаны ролі рэлігіі і рэлігійнай абраднасці у штодзённым жыцці беларусаў.

Аўтары: Пётр Рудкоўскі, Кацярына Колб (рэдактары зборніка)

Крыніца: Уводзіны ў зборнік

Нумар ISBN: 978-83-64054-32-7

Зборнік выдадзены на беларускай і ангельскай мовах

ЗМЕСТ

  • Пётр Рудкоўскі, Кацярына Колб. Ад рэдактараў
  • Анджэй С. Камінскі. Уступ. Разважанні пра самакіраванне і грамадзянскасць
Частка 1. ГІСТОРЫЯ — НАСТАЎНІЦА ЖЫЦЦЯ Ў СВАБОДЗЕ

  • Антон Мірановіч. Рэлігійная талерантнасць на польска-беларускім памежжы
  • Іна Соркіна. Бунты ў імя свабоды: змаганне жыхароў беларускіх мястэчак за страчаную свабоду і зямлю ў XVІІІ–ХІХ стст.
  • Захар Шыбека. Габрэі і беларусы ў змаганні за свабоды ў царскай Расіі (1795–1904)
  • Уладзімір Ляхоўскі. Абуджаныя Слуцкім збройным чынам
  • Анатоль Трафімчык. Бунтоўныя настроі беларускага насельніцтва ў міжваеннай Польскай Рэспубліцы (на прыкладзе вёскі і гміны Круговічы)
  • Алег Дзярновіч. Акадэмічная дыскусія сярэдзіны 1960-х гадоў у Беларусі: паміж свабодай творчасці і палітычным даносам
Частка 2. КУЛЬТУРА СМЯЕЦЦА З ПАЛІТЫКІ

  • Андрэй Расінскі. Два карнавалы сучаснай Беларусі
  • Уладзімір Валодзін. Першае пакаленне мінскіх «хіпі» (другая палова 1960-х — першая палова 1970-х гадоў)
  • Валярына Кустава. Посттутэйшы сучбелліт: людзі не свайго часу
  • Пётр Рудкоўскі. Чаму рэлігія не смяецца з палітыкі?
Частка 3. ШТО ЗАБЫТА? ПРА ПАМЯЦЬ, НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ ПРАБЛЕМЫ І ЕЎРАПЕЙСКІ ВЕКТАР

  • Пэр Андэрс Рудлінг. Уздым і заняпад беларускага нацыянальнага руху: гістарычныя перадумовы і перспектывы на будучыню
  • Андраш Рац. «Беларуская пастка»: адносіны Еўрапейскага саюза з Беларуссю
  • Ірына Кашталян. Паміж царквой і ўладай, або Рэлігійная штодзённасць простага чалавека ў пасляваеннай Беларусі
  • Аляксей Ластоўскі. Генеалогія нацыянальнай дзяржаўнасці ў гістарычнай памяці беларусаў

Падзяліцца

Asset Publisher

comment-portlet

Asset Publisher

Asset Publisher

серыя пра гэта

Фонд імя Конрада Адэнаўэра, а таксама яго адукацыйныя установы, цэнтры падрыхтоўкі й замежныя прадстаўніцтвы штогод прапануюць тысячы мерапрыемстваў па разнастайных тэмах. Аб асобных найбольш важных канферэнцыях, падзеях і сімпозіумах мы даем аператыўную і эксклюзіўную інфармацыю на сайце www.kas.de. Тут, побач з абагульняючымі рэзюмэ зместу, можна знайсці дадатковыя матэрыялы, такія як графікі і выявы, рукапісы прамоў, відэа- і аўдыёзапісы.

інфармацыя для замовы

erscheinungsort

Minsk Belarus

Asset Publisher